Пастанова 1933 году

«нідзе, дзе няма НКВД, Беларусы іхнае зьмены ня прынялі»

Янка Станкевіч

АБ ЗЬМЕНАХ І СПРАШЧЭНЬНІ БЕЛАРУСКАГА ПРАВАПІСУ

ПАСТАНОВА САВЕТУ НАРОДНЫХ КАМІСАРАЎ БССР

Кастрычніцкая рэвалюцыя адкрыла вялізарныя магчымасьці для пасьпяховага разьвіцьця беларускай культуры, нацыянальнай па форме, сацыялістычнай па зьместу. Беларуская мова з пагарджанай стала роўнапраўнай мовай у вялікім Савецкім саюзе, мовай пераважнага карыстаньня паміж дзяржаўнымі, прафэсыянальнымі і грамадзкімі арганізацыямі БССР, пры захаваньні поўнага раўнапраўя беларускай, рускай, польскай і яўрэйскай моваў.

У выніку няўхільнага ажыцьцяўленьня ленінскай нацыянальнай палітыкі, пры брацкай штодзеннай дапамозе Савецкага саюзу працоўныя масы Беларускай Сацыялістычнай Савецкай рэспублікі пад кіраўніцтвам бальшавіцкай партыі дасягнулі вялізарнейшых посьпехаў ва ўсіх галінах гаспадарчага і культурнага будаўніцтва.

Гэтыя посьпехі дасягнуты ў барацьбе з вялікадзяржаўным шавінізмам, які імкнецца «абыйсьці нацыянальную розьніцу мовы, культуры, быту»(СТАЛІН) і ў барацьбе з контр-рэвалюцыйным беларускім нацыянал дэмакратызмам.

Беларускі нацыянал-дэмакратызм, выходзячы з сваіх буржуазных, контр-рэвалюцыйных мэт, праводзіў падрыўную, шкодніцкую работу як на гаспадарчым, так і на культурным фронце, у тым ліку і ў галіне мовы, тэрміналёгіі і правапісу. Нацыянал-дэмакратызм імкнуўся ўсімі мерамі і спосабамі адарваць беларускую літаратурную мову ад мовы шырокіх працоўных мас, ствараў штучны бар'ер паміж беларускай і рускай мовамі і засьмечваў беларускую мову рознымі сярэднавяковымі архаізмамі і буржуазнымі вульгарызмамі.

Існуючы беларускі правапіс значна засьмечан указанымі нацыянал-дэмакратычнымі плынямі і таму падлягае зьменам.

У мэтах рашучага выгнаньня з беларускага правапісу нацыянал-дэмакратычных уплываў і скажэньняў, палягчэньня шырокім працоўным масам вывучэньня беларускай пісьменнасьці, аслабаненьня школы ад непрадукцыйнай работы пры вывучэньні беларускага правапісу, у мэтах далейшага разьвіцьця культуры беларускай мовы і поўнага падпарадкаваньня беларускага правапісу задачам выхаваньня працоўных мас у духу пралетарскага інтэрнацыяналізму, Савет Народных Камісараў БССР пастанаўляе ўнесьці ў існуючы правапіс наступныя зьмены :

Правапіс галосных

1. Пісаць «я» замест «е» толькі ў першым складзе перад націскам (зямля, вядзе). Ва ўсіх іншых выпадках, як перад націскам, так і пасьля націску, пісаць «е» (велізарны, ваенізацыя, невысокі).

Гэтую зьмену не пашыраць на этымалёгічнае «я», якое застаецца нязьменным і ў ненаціскных складох, і на «я» у канчатках слоў (ярына, намяць, рэвалюцыяй).

2. «Не» і «без», калі яны стаяць асобна, заўсёды пісаць праз «е».

3. Перад пачатковымі націскнымі галоснымі «о», «у» заўсёды пісаць «в», за выключэньнем геаграфічных назваў (восень, вучань, вобраз, але Орша, Ула). Перад ненаціскным «у» пісаць «в» тады, калі гэтае «у» не зьяўляецца прыставачным і не разьвілося з «в» (вучыцца, але: урад, улада, увага, участак, удзел).

Правапіс зычных

4. Выкінуць мяккі знак з напісаньня паміж мяккімі зычнымі, напрыклад, свет, снег, след, зняць, дзверы, цвёрды. Мяккі знак захаваць перад мяккім зычным толькі ў тых словах, у якіх ён пішацца і перад цьвёрдым зычным (пісьмо, на пісьме і г.д.).

5. Таксама выкінуць мяккі знак паміж падоўжанымі зычнымі, напрыклад : (насенне, галлё, калоссе, жыццё, але: лье).

Губныя зычныя і «р» не падоўжваюцца (давер'е, сям'я, б'ецца).

Падоўжанае «дз» перадаваць на пісьме праз «ддз» (суддзя, разводдзе).

6. У злучэньнях карэннага «д» з гукам «с» наступных суфіксаў нязьменна захаваць «с» (гарадскі, грамадскі).

7. Зычныя «г», «ж», «з», «х», «ш» у геаграфічных назвах ня зьліваць з суфіксальным «с», прычым «г», «к», «х» у большасьці выпадкаў зьмяняць на «ж», «ш» (Волжскі, Каўказскі, варонежскі, чэшскі, чувашскі).

У некаторых геаграфічных назвах «г», «к», «х» не зьмяняецца на «ш», «ж», «ц» (Выбаргскі, Цурыхскі, Убекскі, Маздокскі).

У беларускіх словах «ж» і «ш» перад суфіксальным «с» ня пісаць : (мноства, прыгоства, таварыства, хараство).

8. Для вызначэньня разьдзельнага вымаўленьня зычнага з наступным галосным заўсёды пісаць апостраф : аб'ява, з'ява, суб'ект, кан'юктура, Лавуаз'е). Выключэньнем з гэтага правіла зьяўляецца «л», пасьля якога пісаць мяккі знак : (Ільіч, Васільеў, рэльеф, Мальер, лье).

Правапіс слоў іншамоўнага паходжаньня

9. Інтэрнацыянальныя рэвалюцыйныя словы не падпарадкоўваць агульнаму правілу аб аканьні. Пісаць: рэволюцыя, комунізм, Комінтэрн, пролетарый. У астатніх іншамоўных словах «о» пісаць праз «а», але захаваць «е»(э») (прафесар, маналог, тэлеграф).

10. Іншамоўнае «е»(«э») пасьля зычных перадаваць праз «е», за выключэньнем выпадкаў пасьля «д» і «т», калі іншамоўнае «е»(«э») перадаваць праз «э» : (методыка, геаграфія, педагог, эпапея, эстафета, фанетыка, але дэлегат, матэрыялізм, тэатр).

У даўно запазычаных словах «е»(«э») перадаваць праз «а», «я» (гандаль, характар, літаратура, адрас, сакратар).

11. Словы іншамоўнага паходжаньня s „l“ («л»), як правіла, перадаваць на беларускім пісьме згодна традыцыйнага, пашыранага ў БССР вымаўленьня, г. зн. пераважна цьвёрда : метал, бензол, алмаз, вулкан, балкон, Алтай, Балтыка, Балканы, малекула, фабула, формула, аэраплан, бланк, клас, ланцэт, лафет, план, плагіят, платформа, пракламацыя, фланг, апладысменты, блок, глобус, дыплом, кіло, кілограм, калонія, лакамабіль, пілот, блуза, клуб, лупа.

Але ў тых выпадках, калі ў жывой мове іншамоўнае „l“ («л») вымаўляецца мякка, пісаць - «ль» (мяккае) - бінокль, аўтамабіль, мараль, стыль, вадэвіль, педаль, дэталь, альфа, альт, асфальт, астралябія, пляж, ляпсус, ляпіс, алюміній, ілюмінацыя, люк, плюс, валюта, абсалютызм, люстра.

Пасьлядоўна мяккае «л» пісаць у злучэньнях: - «ляваць», «люцыя», «ляр», «лярны», «лятар», «льны» : фармуляваць, ізаляваць, рэволюцыя, эвалюцыя, перпендыкуляр, капілярны, палярны, рэгулятар, акумулятар, кампілятар, актуальны, універсальны.

У іншамоўных словах пасьля «с», «з»заўсёды пісаць «і»: марксізм, сістэма, фізіка, універсітэт, але: музыка.

12. іншамоўнае „th“ (т), грэцкае „v“ (фіта), перадаваць пераважна праз «ф»: арыфметыка, арфаграфія, лагарыфм, пафас, міф, Афіны, кафедра; але: тэатр, тэзіс, эорыя, метад.

13. Іншамоўнае „t“ (ф) грэцкае «f» (фі) ва ўсіх выпадках перадаваць «ф»: форма, фунт, фантазія, тыф, торф, фабрыка.

14. Злучэньне «тр», «др» у канцы слоў іншамоўнага паходжаньня перадаваць бяз зьмен: метр, літр, барометр, дыяметр.

15. Словы іншамоўнага паходжаньня, як «пролетарый», «барый», «алюміній», якія раней пісаліся з канчаткамі «ы», «і», або зусім без канчаткаў, - пісаць з канчаткамі «ый», «ій» і скланяць як беларускія назоўнікі тыпу «май».

16. Словы, як камуніст, сацыяліст, марксіст, пісаць без канчатку «ы» і скланяць не як прыметнікі (камуністага, камуністаму), а як назоўнікі тыпу «брат» - камуніст, камуністу.

Правапіс уласных імёнаў, прозьвішчаў і геаграфічных назваў.

17. Імёны іншых моў і геаграфічныя назвы пісаць з захаваньнем асаблівасьцяў той мовы, з якой яны ўзяты, але падпарадкаваць наступным правілам беларускага правапісу :

а) аб аканьні ( з захаваньнем «э», «е»): Чэрнышэўскі, Шэўчэнка, Плеханаў, Жэлезноў, Ноўгарад, Егор'евск;

б) аб напісаньні галосных пасьля зацьвярдзелых зычных: Чэлябінск, Жытомір, Чыстаполь, Чэрэпавец;

в) аб дзеканьні і цэканьні, калі зычныя «д» і «т» зьяўляюцца мяккімі ў іншай мове (Дзержынскі, Владзівасток, Дзюрынг);

г) правілам аб пераходзе «в» ў «у» на канцы складаў: Молатаў, Варашылаў, Кіеў, Каўказ;

д) імёны іншых моў і геаграфічныя назвы не перакладаць як у поўным напісаньні, так і ў скарочаным, і пачатковае «о», «в», «т», «сч» перадаваць праз «о», «в», «т», «сч»: Іосіф Вісарыёнавіч Сталін, І. В. Сталін, Орджонікідзе, Терахаў, Владзікаўказ;

е) уласныя асобныя беларускія імёны пісаць паводле жаданьня іх носьбітаў : Васіль або Базыль, Осіп або Язэп, Іван або Янка, Міхаіл, Міхал або Міхась.

МАРФАЛЁГІЯ.

18. Назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку пісаць пераважна з канчаткамі «а», «я»: завода, цэха, трактара, інстытута, сацыялізма, універсітэта, правапіса, але: жалю, болю, гаю, лесу, краю, цэменту.

19. Выключыць паралельныя формы «ом», «ох» у назоўніках мужчынскага і ніякага роду ў давальным і месным склонах множнага ліку: пісаць: кіраўнікам, аб кіраўніках, братам, аб братах, гарадам, аб гарадах, плячам, аб плячах.

20. Уніфікаваць залежныя склоны лічэбнікаў: два і дзве, абодва, абедзве; для ўсіх трох родаў пісаць: двух, абодвух; двум, абодвум, двума; абодвума; на двух, на абодвух.

21. Выключыць паралельныя формы дзеясловаў на «яце», «іце» першага спражэньня цяперашняга часу другой асобы множнага ліку, пісаць толькі: працуеце, чытаеце, ідзеце, вядзеце, нясеце.

22. Загадны лад дзеясловаў множнага ліку пісаць толькі: станьма, кіньма, станьце, кіньце, бярыце, нясіце.

23. Увесьці ў беларускі правапіс дзеяпрыметнікі незалежнага стану, асабліва калі яны азначаюць сацыяльны сэнс, напрыклад, пануючы клас, а не пануючая кляса, ці кляса, якая пануе.

Прапанаваць Народнаму Камісарыяту Асьветы і Беларускай Акадэміі Навук распрацаваць адпаведнае правіла ў новым правапісе.

24. Даручыць Народнаму Камісару Асьветы і Прэзыдыуму Беларускай Акадэміі Навук тэрмінова ўпарадкаваць правілы беларускага правапісу на падставе гэтай пастановы і выдаць правапіс асобным выданьнем.

25. Усе ўрадавыя выданьні, перыядычныя газэты, часопісы і непэрыядычныя (навуковыя працы), зборнікі і г.д., усе дзяржаўныя дакуманты і паперы на беларускай мове павінны з 15 верасьня 1933 году друкавацца згодна новага правапісу, прадугледжанага гэтай пастановай.

26. Даручыць Народнаму Камісарыяту Асьветы правесьці неабходныя мерапрыемствы і забяспечыць перавод работы, школ і культурна-асьветных устаноў на новы правапіс.

27. Даручыць Народнаму Камісарыяту Асьветы і Прэзыдыуму Беларускай Акадэміі Навук арганізаваць сыстэматычную навуковую работу па далейшым разьвіцьці і ўпарадкаваньні беларускага правапісу, усёй граматыкі і тэрміналёгіі, таксама арганізаваць новае выданьне беларуска-рускіх слоўнікаў, вытраўляючы з беларускай мовы ўсялякія буржуазна-нацыяналістычныя плыні і скажэньні.

Старшыня Савету Народных Камісараў БССР М. ГАЛАДЗЕД.

Кіраўнік спраў Савету Народных Камісараў БССР С. КАНДЫБОВІЧ.

26 жніўня 1933 г.

г. Менск