МОВЫ СВЕТУ

Усеагульная дэкларацыя лінгвістычных правоў


 

Чытацкі дапаможнік

Усеагульная Дэкларацыя лінгвістычных правоў дакумент складаны і доўгі. Дый яно не магло быць іначай з увагі на складанасць самой праблемы і імкненне як мага дэмакратычней спалучыць у ёй меркаванні, выказаныя шматлікімі асобамі і арганізацыямі з усяго свету.

Кароткае рэзюмэ, якое тут прапануецца, закліканае адказаць на некаторыя асноўныя пытанні па гэтай Дэкларацыі, такія як:

Якім чынам яна была складзеная?

Хто ў гэтым прымаў удзел?

Наколькі яна прадстаўнічая?

У чым палягаюць яе базавыя прынцыпы?

Дзеля чаго яна служыць ?

Ці прапануе яна рэальна ажыццяўляльныя рашэнні, прыдатныя для любой сітуацыі?

Якія захады цяпер мяркуецца з ёй рабіць ?

 

Плён доўгага разважання

Усеагульная Дэкларацыя лінгвістычных правоў уяўляе сабой плён доўгага працэсу разважанняў, распачатых у верасні 1994 г., калі арганізацыямі-ініцыятарамі Канферэнцыі (Камітэтам па перакладах і лінгвістычных правах Міжнароднага ПЭН-клуба і Міжнародным цэнтрам па справах нацыянальных меншасцяў і нацыяў імя Эскарэ) была створаная група па распрацоўцы гэтага дакумента, у якую ўвайшлі спецыялісты ў самых розных дысцыплінах і галінах дзейнасці. У складанні дванаццаці паслядоўных рэдакцыяў дакумента прынялі ўдзел каля пяцідзесяці экспертаў з розных краін.

 

Завочнае абмеркаванне ў сусветным маштабе

Новыя камунікацыйныя тэхналогіі зрабілі магчымым шырокае абмеркаванне зместу Дэкларацыі з удзелам асоб і арганізацый з усіх кантынентаў без дарагіх і неабавязковых пераездаў. Гэта дазволіла ўключыць у яе канчатковы тэкст прапановы трыццаці двух ПЭН-цэнтраў і шасцідзесяці чатырох арганізацый з розных канцоў свету, чыя дзейнасць вядзецца ў самых розных галінах: ад юрыдычных, лінгвістычных ці сацыялагічных даследаванняў і да абароны правоў народаў.

 

Шырока прадстаўнічая асамблея ўдзельнікаў

Свой удзел у ёй пацвердзілі дзвесце дваццаць чалавек з амаль дзевяноста краінаў і ўсіх кантынентаў. Дэлегаты прадстаўляюць каля сотні НУА і цэнтраў Міжнароднага ПЭН-клуба. Такім чынам, чыста еўрапейская ці "заходняя" перспектыва была паспяхова пераадоленая дзякуючы як шырокаму прадстаўніцтву ўдзельнікаў, так і лёгкасці кантактаў падчас завочнага абмеркавання, а таксама вельмі актыўнаму ўдзелу прадстаўнікоў іншых кантынентаў.

 

Імкненне да адкрытасці і раўнавагі

У сувязі з размаітасцю ўнесеных прапановаў, разнастайнасцю сацыялінгвістычных кантэкстаў і намаганнем дасягнуць раўнавагі паміж рознымі пунктамі погляду Дэкларацыя не далучае сябе ні да якой канкрэтнай школы, але імкнецца быць адкрытаю ўсім плыням і прыдатнаю ў любой сітуацыі.

 

Роўнасць усіх моваў вышэй

за ўсякія адвольныя класіфікацыі

Каб быць справядлівым, азначэнне лінгвістычных правоў не можа залежаць ад палітычнага ці адміністрацыйнага статусу мовы, ані ад такіх недарэчных і малааб'ектыўных крытэрыяў, як ступень кадыфікаванасці ці колькасць носьбітаў. 3 гэтай прычыны Дэкларацыя абвяшчае роўнасць лінгвістычных правоў і лічыць няслушным падзел моваў на афіцыйныя/неафіцыйныя, нацыянальныя / рэгіянальныя / лакальныя, мовы большасцяў / мовы меншасцяў або сучасныя/ архаічныя.

 

Пшгвістычныя правы: адначасова і калектыўныя, і індывідуальныя

Дэкларацыя разглядае калектыўны і індывідуальны аспекты лігвістычных правоў як адзін ад аднаго неаддзельныя і ўзаемазалежныя, бо мовы ўзнікаюць у грамадстве і гэтаксама ў грамадстве людзі выкарыстоўваюць іх індывідуальна. Таму ажыццяўленне індывідуальных лінгвістычных правоў можа быць эфектыўным толькі пры адначасовай павазе да калектыўных правоў усіх моўных супольнасцяў і ўсіх моўных групаў.

 

Асновы гарманічнага суіснавання

Жыццёва важнаю для гарманічнага суіснавання розных супольнасцяў, групаў і асобных людзей, якія жывуць на адной тэрыторыі, з'яўляецца ўраўнаважанасць іх лінгвістычных правоў, хоць гэта надзвычай складаная задача. Таму Дэкларацыя абапіраецца перадусім на правы моўных супольнасцяў, якія гістарычна асталяваліся на сваёй тэрыторыі, і, зыходзячы з гэтага, вызначае прыдатную для любога выпадку градацыю правоў лінгвістычных групаў з рознаю ступенню гістарычнасці і самавызначэння, а таксама людзей, якія жывуць па-за супольнасцю, з якой паходзяць.

 

Амбітныя прапановы, жыццёвасць якіх у салідарнасці

Хоць ажыццяўленне лінгвістычных правоў можа абумоўлівацца наяўнымі рэсурсамі, тым не менш было 6 несправядлівым адмаўляць законнасць гэтых правоў на падставе адсутнасці сродкаў. Нагадаем, што і такія агульна прызнаныя сёння правы, як права на жыццё, на здароўе, на працу ці на адукацыю, таксама патрабуюць значнага фінансавання, Дэкларацыя заклікае да сусветнай дамовы аб салідарнасці, дзякуючы якой у галіне лінгвістычнага права быў бы таксама пераадолены дэфіцыт і былі б забяспечаныя правы самых непрывілеяваных.

 

Пошук прыдатных рашэнняў яа асяове дэмакратычнай згоды паміж усімі

Шматлікасць фактараў, якія абумоўліваюць становішча моваў, цяжкаспалучальнасць інтарэсаў супольнасцяў, групаў і асобных людзей і неабходнасць увязвання лінгвістычных правоў з іншымі фундаментальнымі правамі робяць немагчымаю выпрацоўку нейкага адзінага набору захадаў, якія можна было б ужываць паўсюль. Таму Дэкларацыя, падкрэсліваючы непазбежную адказнасць дзяржаўнай улады і яе органаў, канцэнтруе асноўную ўвагу на правах, а не на абавязках ці забаронах і робіць акцэнтна пошуку рашэнняў, прыдатных для кожнага выпадку і дасягнутых праз дэмакратычную згоду.

 

Пачатак новага этапу

Абвяшчэнне 6 чэрвеня 1996 г. Усеагульнай Дэкларацыі лінгвістычных правоў азначала сабою заканчэнне аднаго працэсу і пачатак другога. 3 гэтага дня пачаўся новы этап, вянцом якога мусіць стаць падпісанне Міжнароднай Канвенцыі Аб'яднаных Нацыяў. Канчатковая задача Канферэнцыі якраз і заключаецца ў тым, каб надаць Дэкларацыі дадатковую маральную вагу, сабраць новыя ідэі і меркаванні дэлегатаў і аб'яднаць іх намаганні дзеля дасягнення жаданай усімі мэты: справядлівай і трывалай згоды, заснаванай на ўсведамленні і прызнанні лінгвістычных правоў ва ўсім свеце,

УСЕАГУЛЬНАЯ ДЭКЛАРАЦЫЯ ЛІНГВІСТЫЧНЫХ ПРАВОЎ

 

УВОДНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Установы і няўрадавыя арганізацыі-падпісанты гэтай Усеагульнай Дэкларацыі лінгвістычных правоў, якія сабраліся ў Барселоне з 6 па 9 чэрвеня 1996 г.,

беручы пад увагу Усеагульную Дэкларацыю правоў чалавека 1948 г., якая ў сваёй прэамбуле сцвярджае “веру ў фундаментальныя правы чалавека, у годнасць і каштоўнасць чалавечай асобы, у роўнасць правоў мужчын і жанчын”, а таксама ў сваім другім артыкуле абвяшчае, што “кожны можа карыстацца ўсімі правамі і ўсімі свабодамі” незалежна ад “расавай прыналежнасці, колеру скуры, полу, мовы, веравызнання, палітычнай ці любой іншай прыхільнасці, нацыянальнага ці сацыяльнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння ці якіх бы там ні было іншых умоў”;

беручы пад увагу Міжнароднае пагадненне па грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 г. (артыкул 27) і Міжнароднае пагадненне па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ад той самай даты, якія ў сваіх прэамбулах канстатуюць, што людзі не могуць быць свабодныя, калі не створаныя ўмовы, якія дазваляюць ім карыстацца як іх грамадзянскімі і палітычнымі правамі, так і іх правамі эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі;

беручы пад увагу Рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў № 47/135 ад 18 снежня 1992 г. (Дэкларацыю правоў асобаў, якія належаць да нацыянальных або этнічных, рэлігійных і моўных меншасцяў);

беручы пад увагу такія дэкларацыі і пагадненні Рады Еўропы, як Еўрапейская канвенцыя ў абарону правоў чалавека і фундаментальных свабодаў ад 4 лістапада 1950 г. (артыкул 14), Пагадненне Рады Міністраў Рады Еўропы ад 29 чэрвеня 1992г., якою была зацверджаная Еўрапейская хартыя па рэгіянальных мовах і мовах меншасцяў, Дэкларацыю Рады Еўропы па нацыянальных меншасцях, прынятую пры сустрэчы на вышэйшым узроўні 9 кастрычніка 1993 г., і рамачнае Пагадненне ў абарону нацыянальных меншасцяў за лістапад 1994 г.;

беручы пад увагу Дэкларацыю Міжнароднага ПЭН-Клуба, прынятую ў Санцьяга-дэ-Кампастэла, і Дэкларацыю Камітэта па перакладах і лінгвістычных правах Міжнаро днага ПЭН-Клуба ад 15 снежня 1993 г. адносна прапановы правесці сусветную канферэнцыю па лінгвістычных правах;

 беручы пад увагу, што ў сваёй Дэкларацыі, прынятай 9 кастрычніка 1987 г. ў Рэсіфе (Бразілія), ХХІІ-гі Семінар Міжнароднай Асацыяцыі па развіцці міжкультурных дачыненняў рэкамендуе Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў ажыццявіць захады, неабходныя для прыняцця і рэалізацыі Усеагульнай Дэкларацыі лінгвістычных правоў;

беручы пад увагу Пагадненне № 169 ад 26 чэрвеня 1989 г. Міжнароднай арганізацыі працы, якое тычыцца племянных і тубыльскіх народаў у незалежных краінах;

беручы пад увагу, што Усеагульная Дэкларацыя калектыўных правоў народаў, прынятая ў Барселоне ў маі 1990 г., абвяшчае, што любы народ мае права выяўляць і развіваць свае культуру, мову і правілы сваёй арганізацыі і ў гэтых мэтах утвараць свае ўласныя палітычныя, адукацыйныя, камунікатыўныя і адміністрацыйныя структуры ў розных палітычных рамках;

беручы пад увагу завяршальную Дэкларацыю Генеральнай Асамблеі Міжнароднай федэрацыі выкладчыкаў жывых моваў, прынятую 16 жніўня 1991 г. ў Печы (Венгрыя), якая рэкамендавала “разглядаць лінгвістычныя правы як фундаментальныя правы чалавека”,

беручы пад увагу справаздачу Камісіі па правах чалавека Сацыяльна-эканамічнай Рады Аб'яднаных Нацыяў ад 20 красавіка 1994 г., якая тычылася чарнавога варыянту Дэкларацыі правоў тубыльскіх народаў, дзе індывідуальныя правы разглядаліся ў святле правоў калектыўных;

беручы пад увагу чарнавы тэкст Дэкларацыі Міжамерыканскай Камісіі па правах чалавека, які тычыцца правоў тубыльскіх (карэнных) народаў і быў прыняты падчас яе 1278-й сесіі 18 верасня!995г.;

беручы пад увагу, што большасць моваў свету, якія знаходзяцца па пагрозай, належаць несуверэнным народам і што двума асноўнымі фактарамі, якія перашкаджаюць развіццю гэтых моваў і паскараюць працэс іх падмены на іншыя, з'яўляюцца адсутнасць самакіравання і палітыка неплюралістычных дзяржаў, якія навязваюць свае палітыка-адміністрацыйныя структуры і сваю мову;

беручы падувагу, што захоп, каланізацыя і акупацыя, атаксама іншыя віды палітычнага, эканамічнага ці сацыяльнага падпарадкавання часта вядуць да простага навязвання чужой мовы ці прынамсі да перакосаў у ацэнцы каштоўнасці моваў і ўзнікнення іерархічнага стаўлення да іх, што ўплывае на моўныя прыхільнасці тых, хто на іх гаворыць; беручы такім чынам пад увагу, што з гэтай прычыны мовы некаторых народаў, якія набылі незалежнасць, па-ранейшаму перажываюць працэс свайго выцяснення і падмены, выкліканы палітыкаю, якая ставіць у прывілеяванае становішча мовы былых каланіяльных ці імперскіх дзяржаў;

беручы пад увагу, што універсалізм мусіць грунтавацца на ўспрыняцці моўнай і культурнай размаітасці, якая стаіць вышэй як за імкненне да аднастайнасці, так і за імкненне да эксклюзівісцкай ізаляванасці;

беручы пад увагу, што дзеля таго, каб гарантаваць гарманічнае сумеснае пражыванне розных моўных супольнасцяў, трэба ўсталяваць такія прынцыпы ўсеагульнага парадку, якія дазволяць забяспечыць развіццё, павагу і сацыяльнае публічнае і прыватнае выкарыстанне ўсіх моваў;

беручы пад увагу. што шматлікія фактары пазалінгвістычнага парадку (гістарычныя, палітычныя, тэрытарыяльныя, дэмаграфічныя, эканамічныя, сацыякультурныя, сацыялінгвістычныя і калектыўна-ацэначныя) спараджаюць праблемы, якія вядуць да знікнення, маргіналізацыі ці дэградацыі шматлікіх моваў, і, зыходзячы з гэтага, лінгвістычныя правы павінны разглядацца з глабальнага пункту погляду, з тым каб у кожным выпадку маглі прымацца адэкватныя рашэнні;

усведамляючы, што Усеагульная Дэкларацыя лінгвістычных правоў з'яўляецца неабходнай дзеля выпраўлення моўных перакосаў, забеспячэння павагі да ўсіх моваў і іх поўнага росквіту, а таксама дзеля ўсталявання прынцыпаў справядлівага і бесстаронняга міру паміж мовамі ўсёй планеты, што з'яўляецца ключавым фактарам гарманічнага грамадзянскага суіснавання;

заяўляюць, што

 

ПРЭАМБУЛА

Становішча кожнай мовы з'яўляецца, згодна з вышэй выкладзенымі заўвагамі, вынікам збегу і ўзаемадзеяння вялікай колькасці фактараў: палітычна-юрыдычных; ідэалагічных і гістарычных; дэмаграфічных і тэрытарыяльных; эканамічных і сацыяльных; культурных; лінгвістычных і сацыялінгвістычных; міжмоўныхі суб'ектыўных.

На сучасным этапе гэтыя фактары вызначаюцца:

·        стогадовымі уніфікатарскімі тэндэнцыямі большасці дзяржаў да змяншэння разнастайнасці і заахвочвання адмоўнага стаўлення да культурнае размаітасці і моўнага плюралізму;

·        працэсам сусветнага пашырэння эканомікі, а значыць, і інфармацыйнага, камунікатыўнага і культурнага рынку, што разбурае тыя сферы ўзаемадачыненняў і формы адносінаў, якія гарантавалі ўнутраную еднасць моўных супольнасцяў;

·        такою мадэллю эканамічнага разрастання транснацыянальных эканамічных кампаній, пры якой разбурэнне былых парадкаў ідэнтыфікуецца нібыта з прагрэсам, а канкурэнтны індывідуалізм — са свабодай, і якая вядзе да ўзнікнення ўсё больш прыкметнай няроўнасці ў эканамічнай, сацыяльнай, культурнай і моўнай сферах.

Шматлікія моўныя супольнасці знаходзяцца сёння ў небяспецы, якая з'яўляецца вынікам або адсутнасці самакіравання, або нешматлікасці насельніцтва ці поўнай або частковай яго рассеянасці, няўстойлівасці эканомікі, некадыфікаванасці мовы ці культурнага ладу, які супярэчыць ладу пануючаму, і гэта вядзе да таго, што шматлікія мовы не маюць магчымасці выжыць і развівацца, кага не ўлічваюцца наступныя фундаментальныя мэты;

·        у палітычным плане: стварэнне канцэпцыі такой арганізацыі моўнай размаітасці, якая забяспечвала б эфектыўны ўдзел усіх моўных супольнасцяў у сённяшняй новай мадэлі росту;

·        у культурным плане: стварэнне такой сусветнай камунікатыўнай прасторы, якая дапускала б цалкам раўнапраўны ўдзел усіх народаў, усіх моўных супольнасцяў і ўсіх асобаў у працэсе гэтага развіцця;

·        у эканамічным плане: забеспячэнне сталага развіцця, заснаванага на ўдзеле ўсіх, падтрымліванні экалагічнай раўнавагі паміж супольнасцямі і справядлівасці ў адносінах паміж усімі мовамі і ўсімі культурамі.

Менавіта з гэтых прычынаў дадзеная Дэкларацыя бярэ за адпраўны пункт моўныя супольнасці, а не дзяржавы, і павінна разглядацца ў кантэксце ўзмацнення міжнародных устаноў, здольных гарантаваць устойлівае і раўнапраўнае развіццё ўсяго чалавецтва. Менавіта з гэтых прычынаў яна мае за мэту спрыяць утварэнню такога палітычнага кантэксту моўнай размаітасці, які грунтаваўся 6 на ўзаемапавазе, гарманічным суіснаванні і агульнай выгадзе,

 

УВОДНЫ РАЗДЗЕЛ

Канцэптуальныя палажэнні

Артыкул 1

1. Гэтая Дэкларацыя разумее пад моўнай супольнасцю любое чалавечае грамадства, якое, гістарычна асталяваўшыся на пэўнай, прызнанай ці непрызнанай, тэрытарыяльнай прасторы, усведамляе сябе як народнасць і развіла агульную для сваіх членаў мову як натуральны сродак іх дачыненняў і іх культурнай згуртаванасці. Тэрмін уласцівая тэрыторыі мова азначае мову супольнасці, якая гістарычна асталявалася на гзтай самай тэрыторыі.

2. Гэтая Дэкларацыя зыходзіць з прынцыпу, што лінгвістычныя правы з'яўляюцца адначасова індывідуальнымі і калектыўнымі, і прымае за аснову паўнаты лінгвістычных правоў выпадак гістарычнай моўнай супольнасці на яе ўласнай тэрытарыяльнай прасторы, якая разумеецца не толькі як геаграфічная мясцовасць, на якой жыве гэтая супольнасць, але і як сацыяльная і функцыянальная прастора, неабходная для паўнавартаснага развіцця яе мовы. 3 гэтай асновы, як яе паступовая градацыя ці яе кантынуум, выцякаюць і правы лінгвістычных групаў, што згадваюццаў пункце 5 гэтага артыкула, і правы асобных людзей, што жывуць па-за тэрыторыяй сваёй супольнасці.

3. Згодна са сваімі мэтамі, гэтая Дэкларацыя разглядае, што групы жывуць таксама на сваёй тэрыторыі і належаць да моўнай супольнасці пры наступных умовах:

а)     калі яны аддзеленыя ад асноўнай часткі сваёй супольнасці палітычнымі або адміністрацыйнымі межамі;

б)     калі яны гістарычна асталяваліся на абмежаванай геаграфічнай прасторы ў атачэнні членаў іншыхмоўных супольнасцяў; або

в)     калі яны асталяваліся на геаграфічнай прасторы, якую падзяляюць з членамі іншых моўных супольнасцяў з такім самым гістарычным мінулым.

4. Гэтая Дэкларацыя разглядае качавыя народы ў гістарычных мясцовасцях іх вандравання і народнасці, што пражываюць у разрозненых мясцовасцях, таксама як моўныя супольнасці на іх уласнай гістарычнай тэрыторыі.

5. Гэтая Дэкларацыя разумее пад моўнаю групай любую групу людзей, якія карыстаюцца аднолькавай мовай, жывучы на тэрытарыяльнай прасторы іншай моўнай супольнасці, але не маючы з ёй аднолькавага гістарычнага мінулага. Прыкладамі такіх групаў могуць быць імігранты, бежанцы, перамешчаныя асобы або члены дыяспараў.

 Артыкул 2

1. Гэтая Дэкларацыя лічыць, што ў выпадку, калі розныя моўныя супольнасці і групы жывуць на адной тэрыторыі, правы, сфармуляваныя ў гэтай Дэкларацыі, павінны выконвацца на аснове ўзаемапавагі і быць як мага больш дэмакратычна гарантаванымі.

2. Дзеля ўсталявання дастатковай сацыялінгвістычнай раўнавагі, іншымі словамі, дзеля вызначэння адпаведнай збалансаванасці правоў лінгвістычных супольнасцяў або групаў і асобных людзей, якія іх складаюць, неабходна ўлічваць не толькі такія фактары, як іх гістарычнае мінулае на разгляданай тэрыторыі і іх дэмакратычна выяўленую волю. Сярод такіх фактараў, улік якіх можа прадугледжваць кампенсацыйныя захады з мэтаю аднаўлення былой раўнавагі, могуць фігураваць і прымусовы характар міграцыяў, якія прывялі да сумеснага пражывання розных супольнасцяў і групаў, і ступень іх палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і культурнай няўстойлівасці.

Артыкул 3

1.       Гэтая Дэкларацыя разглядае ў якасці неад'емных асабістых правоў, якія могуць ажыццяўляцца ў любых выпадках:

·        права быць прызнаным за члена моўнай супольнасці;

·        права размаўляць на сваёй мове як прыватна, так і публічна;

·        права на выкарыстанне свайго ўласнага імя;

·        права ўваходзіць у кантакты і асацыяцыі з іншымі членамі моўнай супольнасці свайго паходжання;

·        права падтрымліваць і развіваць сваю культуру;

і ўсе іншыя звязаныя з мовай правы, прызнаныя Міжнародным пагадненнем па грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 г. і Міжнародным пагадненнем па эканамічных, сацыяльных і культурных правах ад той самай даты.

2. Гэтая Дэкларацыя лічыць, што, апроч правоў, прадугледжаных у папярэднім пункце гэтага артыкула, і згодна з палажэннямі арт. 2 п. 2, калектыўныя правы моўных групаў могуць уключаць:

·        права на вывучэнне сваёй мовы і сваёй культуры; права карыстацца выгодамі сваёй культуры;

·        права на справядлівую прысутнасць сваёй мовы і сваёй культуры ў сродках масавай інфармацыі;

·        права атрымліваць адказ на сваёй мове ў стасунках з дзяржаўнымі структурамі і пры сацыяльна-эканамічных кантактах.

3.       Згаданыя вышэй правы асобных людзей і моўных групаў ні ў якім выпадку не павінны быць перашкодаю іх дачыненням з моўнай супольнасцю-гаспадаром ці іх інтэграцыі ў гэтую супольнасць. Гэтаксама яны не павінны і абмяжоўваць правы супольнасці-гаспадара ці яе членаў на поўнавартаснае публічнае выкарыстанне сваёй мовы на ўсёй яе тэрытарыяльнай прасторы.

Артыкул 4

1. Гэтая Дэкларацыя лічыць, што асобы, якія пераязджаюць і пачынаюць жыць на тэрыторыі не сваёй моўнай супольнасці, маюць права і абавязак імкнуцца да інтэграцыі ў гэтую супольнасць. Пад тэрмінам інтэграцыя разумеецца дадатковая сацыялізацыя названых асобаў, пры якой яны маглі б захоўваць культурныя асаблівасці свайго паходжання і адначасова мелі б з грамадствам, у якім пасяліліся, дастаткова кропак судакранання, падзяляючы яго каштоўнасці і заведзены ў ім лад паводзінаў, з тым. каб у сваім сацыяльным і прафесійным жыцці сутыкацца з не большымі цяжкасцямі, чым члены самой гэтай супольнасці-гаспадара.

2. Гэтая Дэкларацыя, з іншага боку, лічыць, што асіміляцыя, пад якою тут разумеецца такое далучэнне да культуры грамадства-гаспадара, пры якім прыманыя ў ім асобы змяняюць уласцівыя ім паводле паходжання культурныя асаблівасці на асновы, каштоўнасці і лад паводзінаў, заведзеныя ў грамадстве, якое іх прымае,— заўсёды павінна быць вынікам не прымусу або заахвочвання, але цалкам вольнага выбару.

Артыкул 5

Гэтая Дэкларацыя зыходзіць з прынцыпу, што правы ўсіх моўных супольнасцяў з'яўляюцца роўнымі і не залежаць ад юрыдычнага ці палітычнага статусу іхніх моваў як моваў афіцыйных, рэгіянальных або меншасных. Такія тэрміны, як “рэгіянальная мова” і “мова меншасная”, у гэтай Дэкларацыі не ўжываюцца, бо нярэдка імі карыстаюцца дзеля абмежавання моўных супольнасцяў у іхніх правах, нягледзячы на тое, што часам прызнанне мовы за меншасную ці рэгіянальную можа якраз палегчыць выкананне пэўных правоў.

Артыкул 6

Гэтая Дэкларацыя выключае, каб мова магла разглядацца як уласцівая тэрыторыі на падставе таго, што яна з'яўляецца афіцыйнай мовай дзяржавы або традыцыйна выкарыстоўвалася на гэтай тэрыторыі ў якасці мовы адміністрацыі ці ў рамках пэўных відаў культурнай дзейнасці.

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

Агульныя прынцыпы

Артыкул 7

1.       Усе мовы з'яўляюцца выяўленнем калектыўнае самабытнасці і адмысловага спосабу ўспрымання і апісання рэальнасці, і таму яны павінны мець магчымасць карыстацца ўсімі ўмовамі, неабходнымі для іх развіцця ва ўсіх функцыях.

2.       Кожная мова з'яўляецца фактам супольна ўтворанае рэальнасці, дадзеным у межах гэтай супольнасці ў свабоднае карыстанне ўсім яе членам у якасці сродка, які забяспечвае іх згуртаванасць, самабытнасць, узаемадачыненне і творчае выяўленне.

Артыкул 8

1.      Кожная моўная супольнасць мае праваўтвараць свае ўласныя рэсурсы і распараджацца імі, каб забяспечыць выкарыстанне сваёй мовы ў грамадстве ва ўсіх галінах дзейнасці.

2.      Кожная моўная супольнасць мае права валодаць любымі сродкамі, неабходнымі дзеля забеспячэння пераемнасці сваёй мовы і яе перадачы ў будучыню.

Артыкул 9

Кожная моўная супольнасць мае права самастойна кадыфікаваць, унармоўваць, ахоўваць, развіваць і дасканаліць сваю моўную сістэму без пабочнага ўмяшання або прымусу.

Артыкул 10

1. Усе моўныя супольнасці роўныя ў сваіх правах.

2. Гэтая Дэкларацыя разглядае як недапушчальную любую дыскрымінацыю моўных супольнасцяў, заснаваную на такіх крытэрыях, як ступень іх палітычнай суверэннасці, іх сацыяльнае, эканамічнае ці любое іншае становішча, або наўзроўні кадыфікаванасці, сучаснасці або мадэрнізаванасці іх моваў.

3. Дзеля правядзення такога прынцыпу роўнасці і забеспячэння яе эфектыўнасці павінны прымацца любыя захады.

Артыкул 11

Кожная моўная супольнасць мае права валодаць усімі сродкамі перакладу на сваю і на іншыя мовы, неабходнымі для гарантаванага выканання правоў, змешчаных у гэтай Дэкларацыі.

Артыкул 12

1. Кожны мае права ажыццяўляць сваю дзейнасць у грамадстве на сваёй уласнай мове ў той меры, у якой гэтая мова з'яўляецца таксама моваю, уласціваю тэрыторыі, на якой ён жыве.

2. Кожны мае права карыстацца сваёю мовай у асабістым і сямейным асяродцзі.

Артыкул 13

1.   Кожны мае права доступу да вывучэння мовы, уласцівай тэрыторыі, на якой ён жыве.

2.   Кожны мае права быць паліглотам, а таксама ведаць і карыстацца мовай, найбольш прыдатнай для яго асабістага развіцця ці сацыяльнай мабільнасці, без нанясення шкоды гарантыям, вызначаным гэтаю Дэкларацыяй для публічнага карыстання мовай, уласцівай пэўнай тэрыторыі.

Артыкул 14

Палажэнні гэтай Дэкларацыі не могуць інтэрпрэтавацца ці выкарыстоўвацца на шкоду якім бы там ні было нормам ці заведзенай практыцы, якія вынікаюць з унутранага ці міжнароднага статусу пэўнай мовы і з'яўляюцца болей спрыяльнымі для яе выкарыстання на тэрыторыі, якой яна ўласцівая.

РАЗДЗЕЛ ДРУГІ

Агульны моўны рэжым

 

Частка I

Афіцыйныя дзяржаўныя

і адміністрацыйныя органы

Артыкул 15

1.       Кожная моўная супольнасць мае права на тое, каб яе мова выкарыстоўвалася на яе тэрыторыі як афіцыйная.

2.       Кожная моўная супольнасць мае права на тое, каб судовыя і адміністрацыйныя акты, грамадзянскіяі прыватныя дакументы і запісы ў грамадзянскіх рэестрах, ажыццёўленыя на мове яе тэрыторыі, разглядаліся як дзейсныя і сапраўдныя і каб ніхто не мог спасылацца на іх неразуменне.

Артыкул 16

Кожны член моўнай супольнасці мае права карыстацца сваёю мовай у сваіх дачыненнях з дзяржаўнымі ўладамі і атрымліваць адказы на гэтай мове. Гэтае права тычыцца і дачыненняў з падраздзяленнямі цэнгральнай, тэрытарыяльнай, мясцовай або надтэрытарыяльнай адміністрацыі на тэрыторыі, якой гэтая мова з'яўляецца ўласцівай.

Артыкул 17

1. Кожная моўная супольнасць валодае правам мець і атрымліваць на сваёй мове любыя афіцыйныя дакументы, патрэбныяў яе дачыненнях на тэрыторыі, якой гэтая мова з'яўляецца ўласцівай, як на паперы, так і на магнітных носьбітах або ў любой іншай форме,

2. Усе фармуляры, бланкі ці іншыя адміністрацыйныя дакуменгы на паперы, магнітных носьбітах або ў іншай форме, павінны складацца і распаўсюджвацца дзяржаўнымі органамі на ўсіх мовах тых тэрыторыяў, на якіх дзейнічаюць іх службы.

Артыкул 18

1. Кожная моўная супольнасць мае права патрабаваць, каб законы і іншыя прававыя пастановы, якія яе датычацца, публікаваліся на мове, уласцівай яе тэрыторыі.

2. Грамадзянскія ўлады, чые сферы дзейнасці ахопліваюць больш за адну гістарычна пашыраную на іх тэрыторыі мову, павінны публікаваць усе законы і пастановы агульнага характару на гэтых мовах незалежна ад таго, разумеюць ці не іх носьбіты
іншыя мовы.

Артыкул 19

1. Прадстаўнічыя сходы ў якасці афіцыйнай павінны карыстацца мовай ці мовамі, на якіх гістарычна размаўляюць на тэрыторыі, якую яны прадстаўляюць.

2. Гэтае ж права тычыцца моваў рассеяных супольнасцяў, якія згадваюцца ў Артыкуле 1, пункт 4.

Артыкул 20

1.   Кожны мае права вусна і пісьмова карыстацца ў судах моваю, на якой гістарычна гавораць на тэрыторыі, дзе гэтыя суды знаходзяцца. У сваёй унутранай дзейнасці суды павінны карыстацца моваю, уласцівай тэрыторыі, на якой яны вядуць сваю дзейнасць. У выпадку, калі з прычыны судовай арганізацыі дзяржавы працэдура павінна доўжыцца па-за межамі тэрыторыі паходжання ўдзельніка судовага разбіральніцтва, у судзе па-ранейшаму павінна выкарыстоўвацца мова тэрыторыі яго паходжання.

2.   У любым выпадку кожны мае права быць падсудным на мове, якую ён можаразумець, на якой можавыказвацца, і атрымліваць бясплатную дапамогу перакладчыка.

Артыкул 21

Кожная моўная супольнасць мае права патрабаваць, каб запісы ў грамадзянскіх рэестрах рабіліся на мове, уласцівай яе тэрыторыі.

Артыкул 22

Кожная моўная супольнасць мае права патрабаваць, каб натарыяльныя ці іншыя афіцыйныя дакументы, выдаваныя дзяржаўнымі службоўцамі, былі складзеныя на мове, уласцівай тэрыторыі, на якой натарыус ці іншы дзяржаўны службовец ажыццяуляюць свае функцыі.

 

Частка II Адукацыя

Артыкул 23

1. Адукацыя павінна спрыяць пашырэнню магчымасцяў вольнага моўнага і культурнага самавыяўлення моўнай супольнасці той тэрыторыі, дзе яна даецца.

2. Адукацыя павінна спрыяць падтрыманню і развіццю мовы, на якой гаворыць моўная супольнасць той тэрыторыі, дзе яна даецца.

3. Адукацыя павінна заўсёды стаяць на службе моўнай і культурнай разнастайнасці і спрыяць усталяванню гарманічных дачыненняў паміж рознымі моўнымі супольнасцямі ва ўсім свеце.

4. Зыходзячы з вышэй сказанага, кожны мае права вывучаць любую мову.

Артыкул 24

Кожная моўная супольнасць мае права самастойна рашаць, якой мусіць быць ступень прысутнасці яе мовы як мовы-сродка навучання і мовы-аб'екта вывучэння на ўсіх узроўнях навучання на яе тэрыторыі; дашкольным, пачатковым, сярэднім, тэхнічным і прафесійным, універсітэцкім і падрыхтоўкі дарослых.

Артыкул 25

Кожная моўная супольнасць мае права валодаць усімі патрэбнымі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі дзеля дасягнення пажаданай ступені прысутнасці сваёй мовы на ўсіх узроўнях навучання на сваёй тэрыторыі: належным чынам падрыхтаваных выкладчыкаў, адпаведныя педагагічныя методыкі, падручнікі, фінансаванне, памяшканні і абсталяванне, традыцыйныя і найноўшыя тэхнічныя сродкі.

Артыкул 26

Кожная моўная супольнасць мае права на адукацыю, якая дазваляла б усім яе членам дасканала авалодаць сваёй уласнаю моваю, каб яны маглі карыстацца ёю ў любой сферы дзейнасці, гэтаксама як і авалодаць у як мага лепшай ступені любой іншай мовай, якую яны пажадаюць вывучаць.

Артыкул 27

Кожная моўная супольнасць мае права на адукацыю, якая дазваляла б яе членам вывучыць мовы, якія звязаныя з іх уласнымі культурнымі традыцыямі, такія як літаратурныя ці веравызнальныя мовы або старажытныя мовы, якія былі ўласцівыя гэтай супольнасці.

Артыкул 28

Кожная моўная супольнасць мае права на адукацыю, якая дазваляла б яе членам набываць паглыбленыя веды пра іх культурную спадчыну (гісторыю і геаграфію, літаратуру і іншыя праявы іхняй культуры), а таксама як мага большыя веды пра любую іншую культуру, якую яны пажадаюць вывучаць,

Артыкул 29

1. Кожны мае права атрымліваць адукацыю на мове, уласцівай тэрыторыі, дзе ён жыве.

2. Гэтае права не выключае права на доступ да вуснага і пісьмовага ведання любой іншай мовы, якая магла 6 служыць сродкам дачыненняў з іншымі моўнымі супольнасцямі.

Артыкул 30

Мова І культура кожнай моўнай супольнасці павінны быць аб'ектамі вывучэння і пошукаў на універсітэцкім узроўні.

 

Частка III

Уласныя імёны

 

Артыкул З1

Кожная моўная супольнасць мае права захоўваць сваю сістэму ўласных імёнаў і карыстацца ёю ва ўсіх сферах і пры любых выпадках.

Артыкул 32

1. Кожная моўная супольнасць мае права карыстацца тапонімамі на мове, ўласцівай яе тэрыторыі, ж у вуснай, так і ў пісьмовай практыцы, у сямейнай, грамадскай і афіцыйнам сферах.

2. Кожная моўная супольнасць мае права ўсталёўваць, захоўваць і аднаўляць аўтахтонную тапаніміку, і яна не можа быць адвольна ліквідаваная, перайначаная ці адаптаваная, ані замененая ў выпадку пераменаў у палітычнай ці іншай кан'юнктуры.

Артыкул 33

Кожная моўная супольнасць мае права даць сабе саманазву на сваёй мове. 3 улікам гэтага, усякі пераклад яе на іншыя мовы павінен пазбягаць двухсэнсоўных і прыніжальных найменняў.

Артыкул 34

Кожны мае права ўжываць сваё ўласнае імя ва ўсіх сферах на сваёй уласнай мове, як і мае права на яго як мага больш дакпадную транскрыпцыю ў іншай графічнай сістэме пры адпаведнай патрэбе.

 

Частка IV

Сродкі камунікацыі і новыя тэхналогіі

 

Артыкул 35

Кожная моўная супольнасць мае права самастойна вырашаць, якою павінна быць ступень прысутнасці яе мовы ў сродках камунікацыі на яе тэрыторыі, што тычыцца як мясцовых і традыцыйных сродкаў камунікацыі, так і сродкаў большага радыуса дзеяння з выкарыстаннем болей сучасных тэхналогіяў, незалежна ад ужыванай сістэмы распаўсюджвання і спосабу перадачы.

Артыкул 36

Кожная моўная супольнасць мае права валодаць усімі людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі, неабходнымі дзеля забеспячэння пажаданай ступені прысутнасці сваёй мовы і культурнага самавыяўлення ў сродках камунікацыі на сваёй тэрыторыі: належным чынам падрыхтаваным персаналам, фінансаваннем, памяшканнямі і абсталяваннем, традыцыйнымі і найноўшымі тэхнічнымі сродкамі.

Артыкул 37

Кожная моўная супольнасць мае права атрымліваць праз сродкі камунікацыі паглыбленыя веды пра сваю культурную спадчыну (гісторыю і геаграфію, літаратуру і іншыя праявы сваёй культуры), а таксама як мага больш поўны аб'ём інфармацыі пра любую іншую культуру, з якой хочуць быць знаёмыя яе члены.

Артыкул 38

Мовы і культуры ўсіх моўных супольнасцяў павінны мець да сябе справядлівае і недыскрымінацыйнае стаўленне ў сродках камунікацыі па ўсім свеце.

Артыкул 39

Супольнасці, згаданыя ў артыкуле 1, пункты 3 і 4, гэтай Дэкларацыі, і групы, згаданыя ў пункце 5 гэтага ж артыкула, маюць права на справядлівае прадстаўніцтва сваёй мовы ў сродках камунікацыі той тэрыторыі, на якой яны асталяваліся ці па якой качуюць. Ажыццяўленне гэтага права павінна гарманічна спалучацца з ажыццяўленнем правоў іншых моўных групаў ці супольнасцяў дадзенай тэрыторыі.

Артыкул 40

Кожная моўная супольнасць мае права валодаць сродкамі інфарматыкі, адаптаванымі да сваёй моўнай сістэмы, а таксама інфармацыйнымі прыладамі і прадуктамі на сваёй мове, каб карыстацца ўсімі выгодамі таго патэнцыялу, які гэтыя тэхналогіі ствараюць для свабоднага самавыяўлення, адукацыі, камунікатыўных сувязяў, выдавецкай справы, перакладу і ў цэлым для апрацоўкі інфармацыі і распаўсюджання культуры.

Частка V

Культура

 

Артыкул 41

1.   Кожная моўная супольнасць мае права карыстацца сваёю мовай, а таксама падрымліваць і пашыраць яе выкарыстанне ва ўсіх формах і праявах культуры.

2.   Усе моўныя супольнасці павінны мець магчымасць карыстацца гэтым правам у поўнай меры, каб на займанай кожнай канкрэтнай супольнасцю прасторы не магла панаваць чужая культура.

Артыкул 42

Кожная моўная супольнасць мае права поўнага развіцця ўласцівых ёй сфераў культуры.

Артыкул 43

Кожная моўная супольнасць мае права доступу да твораў, створаных на яе мове,

Артыкул 44

Кожная моўная супольнасць мае права доступу да міжкультурных праграмаў праз пашырэнне адпаведнай інфармацыі і такія віды дзейнасці, як навучанне мове замежнікаў, пераклад, дубляж, постсінхранізацыя і выраб субтытраў.

Артыкул 45

Кожная моўная супольнасць мае права патрабаваць, каб мова, уласцівая яе тэрыторыі, займала прыярытэтнае месца на культурных імпрэзах і ў культурных установах (бібліятэках, відэатэках, кінатэатрах, тэатрах, музеях, архівах, фальклоры, галінах культурнай індустрыі і ва ўсіх іншых праявах культурнага жыцця).

 Артыкул 46

Кожная моўная супольнасць мае права ахоўваць сваю моўную і культурную спадчыну, у тым ліку ў яе матэрыяльных праявах — такіх, як архівы, творы мастацтва і архетэктуры, гістарычныя будынкі або надпісы на яе мове.

Частка VI

Сацыяльна-эканамічная сфера

Артыкул 47

1. Кожная моўная супольнасць мае права ўводзіць на сваёй тэрыторыі выкарыстанне сваёй мовы ва ўсіх відах сацыяльна-эканамічнай дзейнасці.

2. Кожны член моўнай супольнасці мае права валодаць на сваёй мове ўсімі сродкамі, неабходнымі дзеля ажыццяўлення ім сваёй прафесійнай дзейнасці — такія, як даведачныя і дапаможныя выданні, інструкцыі і бланкі, а таксама камп'ютэрнае абсталяванне, праграмы і іншыя прадукты.

3. Выкарыстанне іншых моваў у гэтай сферы можа патрабавацца толькі ў той меры, у якой гэта апраўдана прыродаю прафесійнай дзейнасці. Мова, якая ўзнікла на гэтай тэрыторыі пазней, ні ў якім выпадку не можа абмяжоўваць ці скасоўваць выкарыстанне мовы, уласцівай гэтай тэрыторыі.

Артыкул 48

1. На тэрыторыі сваёй моўнай супольнасці кожны ў праве карыстацца сваёю мовай з поўнай яе прававою вартасцю ў любых відах эканамічных аперацыяў — такіх, як купля і продаж тавараў і паслуг, банкаўскія аперацыі, страхавыя полісы, працоўныя  кантракты і інш.

2. Ніякі пункт у такіх прыватных актах не можа скасоўваць або абмяжоўваць выкарыстанне мовы на тэрыторыі, якой яна ўласцівая.

3. На тэрыторыі сваёй моўнай супольнасці кожны ў праве мець на сваёй мове дакументы, неабходныя для ажыццяўлення вышэй згаданых аперацыяў — такія, як бланкі, чэкі, кантракты, рахункі, накладныя, формы заказаў і інш.

Артыкул 49

На тэрыторыі сваёй моўнай супольнасці кожны ў праве карыстацца сваёю мовай ва ўсіх тыпах сацыяльна-эканамічных арганізацыяў — такіх, як прафсаюзы працоўных і працадаўцаў, гандлёвыя і прафесійныя асацыяцыі.

Артыкул 50

1. Кожная моўная супольнасць мае права на пераважную прысутнасць сваёй мовы ў рэкламе, на шыльдах, у знешніх абвяшчальных надпісах і ў  іміджы сваёй краіны ўвогуле.

2. На тэрыторыі сваёй моўнай супольнасці кожны ў праве атрымліваць на сваёй мове ў поўным аб'ёме, як вусна, так і пісьмова, інфармацыю аб прадуктах і паслугах, якія прапануюць камерцыйныя ўстановы,— такую, як інструкцыі па выкарыстанні, этыкеткі, спісы інгрэдыентаў прадуктаў, рэкламную прадукцыю, гарантыі і інш.

3. Усе публічныя пазначэнні, якія тычацца бяспекі грамадзян, павінны быць напісаныя на мове, уласцівай дадзенай тэрыторыі, з забеспячэннем умоваў не горшых, чым для любой іншай мовы.

Артыкул 51

1. Кожны мае права карыстацца мовай, уласцівай тэрыторыі, у сваіх дачыненнях з прадпрыемствамі, камерцыйнымі ўстановамі, прыватнымі арганізацыямі і патрабаваць, каб яму адказвалі таксама на гэтай мове.

2. Кожны мае права ж кліент, наведнік, спажывец ці карыстальнік патрабаваць у адкрытых для публікі ўстановах, каб яго забяспечвалі вуснай ці пісьмовай інфармацыяй на мове, уласцівай дадзенай тэрыторыі.

Артыкул 52

Кожны мае права ажыццяўляць сваю прафесійную дзейнасць на мове, уласцівай дадзенай тэрыторыі, калі толькі яго функцыі не патрабуюць выкарыстання іншых моваў, як у выпадку выкладчыкаў моваў, перакладчыкаў або гідаў.

ДАДАТКОВЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Першае

Органы дзяржаўнай ўлады абавязаныя ў галінах сваёй юрысдыкцыі ажыццяўляць адпаведныя захады дзеля забес-пячэння правоў, абвешчаных гэтаю Дэкларацыяй. Дзеля даламогі ў выкананні лінгвістычных правоў тымі супольнасцямі, якім яўна бракуе сродкаў, павінны быць створаныя міжнародныя фонды. Дзяржаўныя ўлады павінны дапамагаць, у прыватнасці, у кадыфікацыі, транскрыпцыі і вывучэнні моваў розных супольнасцяў, а таксама ў іх выкарыстанні ў адміністрацыі.

Другое

Органы дзяржаўнай улады абавязаныя сачыць за тым, каб дзяржаўныя ўстановы, арганізацыі І адказныя асобы былі паінфармаваныя аб правах і абавязках, якія выцякаюць з гэтай Дэкларацыі.

Трэцяе

Органы дзяржаўнай улады абавязаныя прадугледжваць у існуючым заканадаўстве санкцыі, накіраваныя супраць парушэння лінгвістычных правоў, абумоўленых гэтаю Дэ-кларацыяй.

ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Першае

Гэтая Дэкларацыя прапануе стварыць у рамках Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў Раду па мовах. Кампетэнцыя ва ўтварэнні такой Рады, вызначэнні яе функцыяў і прызначэнні яе членаў належыць Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў. У яе кампетэнцыі ляжыць таксама задача ўтварэння органа міжнароднага права, упаўнаважанага абараняць моўныя супольнасці ў ажыццяўленні імі правоў, прызнаваных гэтаю Дэкларацыяй,

Другое

Гэтая Дэкларацыя прапануе і бярэцца за стварэнне неафіцыйнай і кансультатыўнай Сусветнай камісіі па лінгвістычных правах, у склад якой увайдуць прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў і іншых арганізацыяў, якія займаюцца праблемамі лінгвістычнага права.

 

Барселона, чэрвень 1996 г.

 

Далейшую інфармацыю можна атрымаць з сайту

http://www.linguistic-declaration.org/index-gb.htm